Сцяг, якім варта ганарыцца

Ігар Мельнікаў
Міністэрства інфармацыі абмяркоўвае праблему узрастаючай папулярнасці герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга на круглых сталах, называючы іх адэптаў лузерамі. Калі прадстаўнікі беларускага ідэалагічнага фронту яшчэ мірацца з гербам і вершнікам, гісторыя якога сыходзіць у глыб стагоддзяў, то бел-чырвона-белы сцяг лічаць несапраўдным: маўляў, яго прыдумалі для БНР, і існаваў ён усяго год з 1917 па 1918. Кандыдат гістарычных навук, рэдактар сайта «Гістарычная праўда» Ігар Мельнікаў тлумачыць, ці ёсць у нас прычыны ганарыцца бел-чырвона-белым.

У апошні час адначаецца вялікая цікавасць беларусаў да сваіх нацыянальных сімвалаў – герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга. Звязана гэта не толькі са знешнепалітычнымі падзеямі, але і паступовым працэсам абуджэння нацыянальнай свядомасці нашых грамадзян. Шкада, але ўладная вертыкаль бачыць у гэтым працэсе пагрозу для сябе і працягвае залічваць усіх, хто апранае цішоткі з «Пагоняй» ці прычапляе бел-чырвона-белыя стужкі да заплечнікаў да «апазіцыі» ці «прыхільнікаў Майдану». Пры гэтым, у падтымку сваіх довадаў прыводзяцца старыя, замшэлыя пастулаты пра «сімвалы калабарантаў» і «здраднікаў». Аднак гісторыя нацыянальнага герба і сцяга Беларусі значна больш багатая, чым падаецца некаторым нашым суграмадзянам. І калі мінуўшчына «старадаўняй літоўскай Пагоні» больш–меньш вядомая, то пра гісторыю бел-чырвона-белага сцягу варта расказаць больш падрабязна.

Ідэалагічны ўкід

У лістападзе 1990 года ў газеце «Советская Белоруссия» з'явіўся артыкул Аляксандра Міхальчанкі «Беларуская сімволіка: традыцыі і сучаснасць», у якім аўтар мімаходзь разглядаў гісторыю «феадальнага герба» «Пагоня» і вялікую ўвагу надаваў падзеям Другой Сусветнай вайны, калі нацысты актыўна выкарыстоўвалі беларускія нацыянальныя сімвалы ў сваіх мэтах.

Какарда беларускіх мытнікаў 1991-1994 гг.

«Калабарацыяністы ў гады Вялікай Айчыннай вайны зрабілі гэты сцяг сімвалам сваіх чорных спраў. Гісторыя яго з'яўлення цесна звязана з акупантамі. […] Сімволіка актыўна выкарыстоўвалася ў дні нараджэння фюрэра, у пачатку вайны, на прызыўных пунктах «Беларускай краёвай абароны» і г.д. […] Найбольш актыўна выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя павязкі члены «Саюзу беларускай моладзі». […] Пасля выгнання нацыяналістаў разам з іх гаспадарамі з Беларусі, апошнія ў спешным парадку фарміруюць сваіх недабіткаў у войска, якое ваявала супраць савецкіх людзей і саюзнікаў. […] Пасля вайны сімволіка выкарыстоўвалася нацыяналістычнымі бандамі. […] Такім чынам, бел-чырвона-белы сцяг стаў з 1918 года палітычным сімвалам сіл, якія змагаліся за буржуазныя ідэалы, якія былі густа замяшаныя на нацыяналізме, аб'ядноўваў і ўвасабляў людзей, якія вялі палітычную і ўзброеную барацьбу з Савецкай уладай у Беларусі. Сімвалам беларускай дзяржавы, народжанай ва умовах жорсткай барацьбы, стаў сцяг міжнароднай салідарнасці працоўнага класа», – адзначае аўтар артыкулу.

Ківер кавалерыста ВКЛ

Дзякуючы гэтай і іншым публікацыям у беларусаў, якія толькі рыхтаваліся стаць незалежнымі, пачало фарміравацца негатыўнае стаўленне да нацыянальных сімвалаў. Сваю ролю адыграла і траўма Другой Сусветнай, звязаная з жудасам нацысцкай акупацыі. Не менш важным было і тое, што артыкул спадара Міхальчанкі ў «Советской Белоруссии» быў напісаны на рускай мове, якая ў канцы 1980-х пачатку 1990-х была галоўнай у рэспубліке.

Ад гістарычнай Літвы да Рэчы Паспалітай

З таго часу прайшло 25 гадоў, аднак актуальнасць вывучэння гісторыі беларускага нацыянальнага сцяга не знікла. Дык адкуль жа прыйшоў к нам беларускі трыкалор? У большасці старажытных летапісаў ды хронік узгадваецца ўдзел жаўнераў Вялікага Княства Літоўскага ў бітвах пад сцягамі з «Пагоняй». Тычыцца гэта і Хронікі Віганда Маргбургскага 1337 года, і апісання Грунвальдскай бітвы 1410 года Яна Длугаша, і гербоўніка «Хроніка Канстанцкага сабору 1414-1418 гг.». На карціне Аршанская бітва 1514 года жаўнеры ВКЛ супрацьстаяць маскоўцам з харугвамі з выявай «Пагоні», а таксама сцягамі, на якіх добра бачны чырвоны крыж Святога Георгія.

Сцяг Слонімскай харугвы войскаў ВКЛ

Пасля аб'яднання Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую эліты новай дзяржавы спрабавалі спалучыць сімвалы дзвюх краін. Так, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза выкарыстоўвалi бел-чырвона-белы сцяг, як спалучэнне колераў Польшчы і ВКЛ. У пачатку XVII стагоддзя ў якасці дзяржаўнага сцяга Рэчы Паспалітай выкарыстоўвалася палотнішча з чатырма палосамі (бел-чырвонай-бел-чырвонай). У XVIIІ стагоддзі выява «Пагоні» і розныя варыянты бел-чырвона-белых сцягоў выкарыстоўваліся ў войску Вялікага Княства Літоўскага.

У імперыі Раманавых

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 года Віцебшчына, Полаччына і Мсціслаўшчына ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1775 годзе з ураджэнцаў беларускіх тэрыторый быў сфарміраваны Беларускі гусарскі полк. Як адзначалася ў адным з дакументаў эпохі: «Полк укамплектаваны нацыянальнымі людзьмі, ізноў далучаных да Расіі па першаму падзелу Польшчы беларускіх губерні». На ротным сцягу гэтай вайсковай адзінкі быў дзвюхгаловы арол і літоўская «Пагоня», а сам сцяг быў… бел-чырвона-белым. У гэты ж час быў сфарміраваны і Полацкі мушкецёрскі полк на палкавой святыні якога таксама было спалучэнне гербаў Расійскай імперыі і ВКЛ. Падчас Вайны 1812 года некаторыя падраздзяленні войска гістарычнай Літвы, якое ваявала на баку Напалеона, таксама выкарыстоўвала бел-чырвона-бел-чырвоны сцяг. У розных варыяцыях гэты сцяг існаваў і ў паўстанцкіх адзелах Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гг. У пачатку ХХ ст. сцяг беларускіх нацыянальных колераў упрыгожваў сустрэчы студэнтаў Пецярбугскага універсітэта, ураджэнцаў Паўночна-Заходняга краю.

«Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»

У снежні 1917 года бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным сімвалам Першага ўсебеларускага з'езду. У сакавіку 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты час значная частка Беларусі, у тым ліку і Мінск, былі акупаваны нямецкімі войскамі. Аднак ва ўсёй гэтай гісторыі галоўнае тое, што беларусы ўпершыню ў ХХ стагоддзі паведамiлi пра жаданне стварыць незалежную дзяржаву з уласнымі сімваламі. Значная колькасць сучасных айчынных і замежных даследчыкаў схіляецца да думкі, што без БНР не было б і БССР.

Сцяг Слуцкага стралковага палка войскаў БНР. Рэканструкцыя

Абодва гэтых дзяржаўных ўтварэння з'яўляюцца найважнейшымі этапамі ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці. Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 года беларускія вайсковыя часткі і палітычныя арганізацыі выкарыстоўвалі розныя віды бел-чырвона-белага сцягу. Напрыклад, на штандары паўстанцаў са Слуцку быў надпіс: «Першы Слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі». На адваротным баку сцягу чырвонымі літарамі на белым палотнішчы вышыты словы: «Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»…

Пазней быў жудас Другой Сусветнатнай, адбудова рэспублікі і станаўленне паваеннай БССР. Нарэшце, у 1991 годзе Рэспубліка Беларусь стала незалежнай. Сённяшнім беларусам варта адмовіцца ад савецкіх падыходаў да гісторыі, дзе былі «пажаданыя» і «непажаданыя» сюжэты, «патрэбныя» і «не патрэбныя» факты. Гісторыя Беларусі – адзін вялікі летапіс, які варта шанаваць у комплексе. Нацыянальныя сімвалы Беларусі – герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг – частка нашай гісторыі, культуры і традыцый. І гэта бясспрэчна!

Фуражка беларускага памежніка, пачатак 1990-х

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter