Сцэны сэксу ў творах беларускіх пісьменнікаў

Секс • Аня Перова
Апошнім часам стала модна гаварыць, што беларуская літаратура не зводзіцца толькі да тэмы вёскі і сялянства. KYKY вырашыў даказаць гэта, кінуўся з крайнасці ў крайнасць і знайшоў у знаёмых пісьменнікаў нечаканачкі ў выглядзе сэксуальных сцэн. У гэтым нам дапамагла Аксана Бязлепкіна.

Аксана – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменніца і аўтар-складальнік літаратуразнаўчага даведніка «100 слоў пра сучасную беларускую літаратуру», дзе ёсць артыкул «Эратычная літаратура». Таму мы паспадзяваліся, што яна пэўна падкажа самыя гарачыя моманты, апісаныя беларускімі пісьменнікамі. Літаратуразнаўца з ахвотай згадзілася дапамагчы, але адразу заўважыла: «Апісанне звычайнага сэксу ў якаснай літаратуры з большага бессэнсоўнае: калі працэс добра пачаўся, добра працягнуўся і добра скончыўся, то да разумення характару герояў ён нічога не дадае. Зрэшты, якасную літаратуру норма наогул мала цікавіць. Гадоў 15 таму, калі я пісала кнігу прозы «Ляўша на тэнісным корце», мне здавалася роўна наадварот».

Караткевіч – пра тое, як спакусіць разумную жанчыну

«Васілю Быкаву было дастаткова згадкі пра «яны задышліва кахаліся» (вайна ўсё-ткі) ці Івану Шамякіну – пра «Адась, канечне, быў мацнейшы» (маецца на ўвазе, мацнейшы па сэксуальнай канстытуцыі за іншага каханка гераіні). Калі шчыра, дакладнасць гэтых цытат не гарантую, але тое, што яны зафіксаваліся недзе ў глыбінях памяці, сведчыць, што ў падлеткавым узросце нават такія дробязі звярталі на сябе ўвагу ў спісе літаратуры, – успамінае Аксана. – Але наогул школьная праграма была вышэй за Гэта». У прынцыпе і не дзіўна: ад складальнікаў школьнай праграмы не варта чакаць дэмакратычнага падыхода да таго, што можна паказваць падлеткам.
Аксана працягвае і становіцца зразумела, што, нягледзячы на стэрыльнасць праграмы, тэмы ў беларускай літаратуры паднімаліся разнастайныя і даволі адкрытыя: «Між тым, пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя тэму не абміналі: гераіні гінулі ад класавага ворага, ахвяруючы не толькі жыццё, але і дзявочы гонар; у творах адбываўся гвалт, у тым ліку з боку святароў; камсамольцы з пераменным поспехам спрабавалі ратаваць прастытутак ад выбранага жыццёвага шляху». Пра гэта сказана ў артыкулах Віктара Жыбуля «Сексуальны гвалт у беларускай савецкай літаратуры» і «Адлюстраванне праблемы абортаў і прастытуцыі ў беларускай савецкай літаратуры 1920-30-х гг». Яны змешчаны ў зборніку «Terra alba II. Homo venerius: сексуальная прастора беларускай культуры».

«У класікаў пазнейшых часоў усё было больш лагодна. Зрэшты, класік і школьная праграма – рэчы ўзаемазвязаныя, а сэксуальныя сцэны тут «трэці лішні», – робіць акцэнт Аксана. – Звычайна я кажу студэнтам, што аповесць Уладзіміра Караткевіча «Чазенія» пра тое, як спакусіць жанчыну, а раман «Нельга забыць» – пра тое, як спакусіць разумную жанчыну. Намёкі на сэксуальныя дачыненні героя з каралевай ёсць у аповесці «Ладдзя роспачы».

Увогуле Аксана раіць не ацэньваць смеласць беларускіх пісьменнікаў па школьных ці ўніверсітэцкіх спісах літаратуры: «Зрэшты, часам класікі жартуюць і на школьную праграму не спадзяюцца, тады атрымліваецца эсэ Рыгора Барадуліна «Як беларусы сэксам займаюцца». Гэта не какетаванне: змест назве адпавядае».

Топ-5 «сэксуальных» пісьменнікаў

Аксана склала свой спіс пісьменнікаў з іх творамі, а таксама дала свае каментары да тэмы інтыму ў разуменні кожнага з літаратараў.

1. Максім Багдановіч. «Вянок»

«Пачуцьцю цёмнаму падлеглая
Ты ўжо рассталася з уборам
I ў ложка шлюбнае лягла,
Свой сорам, свой жаноцкі сорам,
Дрыжачая, перамагла.

I ведаеш, табе мучэньні
I нават мо канец жыцьця
Сабой накліча пры раджэньні,
Ірвучыся на сьвет, дзіця.

Ды абясьсіленай душою
Ты можаш аднаго жадаць, —
Каб семя бурнае муское
У нетрах цела пахаваць.
Таксама без надзей да спыну
У пропасьць чалавек ляціць
I сквапна ўніз, на дно страмніны,
З салодкай жудасьцю глядзіць».

Аксана Бязлепкіна: «Калі крыху спрашчаць, то для Багдановіча сэкс у жыцці жанчыны быў крокам да смерці. Многія жанчыны ў тыя часы паміралі ад родаў (у сям'і Багдановіча ў тым ліку), таму логіка ў такім разуменні была».

2. Міхась Зарэцкі. Аповесць «Голы звер»

«Па Лідачцы плакаць трэба. Так, трэба плакаць...
А Яроцкі рагоча. Яроцкі загадаў, каб Лідачка з ім, з Шчупаком, цалавалася.
Як гэта так? Ён з Лідачкай?.. Ён і дакрануцца да яе не важыцца. Яна ж такая прыгожая...
Лідачка сама цалуе яго. Яна села к яму на калені, цягае за бараду, смяецца.
Рукі міжвольна цягнуцца, мацаюць. Горача як!
Лідачка б'е яго па шчацэ і, смеючыся, перасядае к Яроцкаму.
Яроцкі ўстаў. Да яе, як да служанкі:
— Ну, хадзем!
Выйшлі. Дарогай Яроцкі шапнуў Шчупаку:
— Цяпер к чортавай мацеры.
Селі на вазок. Адляцеў злосна-вісклівы званочак.
Шчупак астаўся адзін. Пастаяў хвілінку на месцы і пайшоў, хістаючыся, па вуліцы. Пайшоў шукаць сваю шурпатую прастытутку».

Аксана Бязлепкіна: «Часы НЭПу, героям кружаць галаву грошы і распуста. Сцэна ў бардэлі апісана такім чынам, што кожны чытач усё зразумее ў адпаведнасці з узростам і дасведчанасцю».

3. Іван Мележ. Раман «Людзі на балоце»

«Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.
— Канапляначка...
Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.
— Утаміўся я... — сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. — Пасядзім давай.
Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.
— Не трэба!.. Я не хочу!..
— Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць... Пасядзім, і толькі!..
Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.
— Глядзі ж, кеб... без глупства!..
Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.
— Ой, не трэба! Не хочу!..
— Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?
— Не...
— Ну, дак чаго ж ты?
— Баюся я! Устанем лепей!..
— Не любіш, значыцца?
— Устанем давай!..
— Не любіш?
— Люблю...
— А калі любіш... Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..
Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.
— Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..
— Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!
— Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..
— Граху цяпер няма! Грэх выдумалі... Усе грашаць...
— Пабойся Бога, Яўхімко!
— Бог не асудзіць!
— Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..
— Ніхто не дазнаецца! — Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: — Жанюся ж з табою...
— Жэнішся?
— Жанюся, сказаў!..
— Дак — пачакай!.. Пасля вяселля!..
Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца...
— Яўхімко... мілы!.. Пасля... Адразу...
— Ну, заныла! Калі ты зараз!..
— Божачко ж!..
Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці...
Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.
Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.
— Яўхімко! Што ж... — голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. — Што ж мы... нарабілі!
— От, дурная, нібы што такое!
— Грэх які!»

Аксана Бязлепкіна: «Сэкс паміж Яўхімам і Хадоськай, напэўна, вылучаецца найбольш. Памятаю, як мяне калісьці папракнулі тым, што ў адным з маіх твораў на 60 старонак 15 інтымных сцэн. Дык вось у гэтым творы Мележа я ўжо выкладчыцай прыклейвала сцікеры на старонкі з какетаваннямі-заляцаннямі, інтымнымі сцэнамі і г.д., а потым закрыла кнігу – яна была спрэс заклеена сцікерамі. Так што пытанне не ў колькасці, а ў якасці».

4. Вячаслаў Адамчык і Адам Глобус. Бацька і сын

Аксана Бязлепкіна: «Усё рознае ў іх творах: тэмы (вёска і вайна ў бацькі, сучасны горад у сына), стыль, нават жанры (ад раманаў да апавяданняў у бацькі і ад аповесцяў да мініяцюр у сына), аднолькавае толькі бачанне жанчыны і стаўленне да фізіялогіі. Праўда, Глобус у пачатку 1990-х гг. цалкам сфакусаваўся на эратычнай літаратуры (кнігі «Дамавікамерон» і «Толькі не гавары маёй маме»). Ён жа распрацаваў пласт беларускамоўнай лексікі для называння адпаведных частак цела і працэсаў.

Расказваюць філалагічную показку пра бойку тэрмінаў: маўляў, перакладаючы Біблію на беларускую мову, геніяльны Васіль Сёмуха скарыстаўся словам «чэлес» для пазначэння «члена» ў значэнні канечнасці, а Адам Глобус звёў значэнне слова «чэлес» да мужчынскага палавога органа і перамог.

Дарэчы, такая ж грубая сэксуальнасць пануе ў некаторых тэкстах У. Арлова («Сібірская аповесць»), У. Някляева (кн. «Лабух» і зб. «Цэнтр Еўропы»), Ю. Станкевіча (у творах «Любіць ноч – права пацукоў», «Эрыніі», «Партрэт выпускніка на фоне адлігі» сэкс амаль заўжды сведчыць пра маральную дэградацыю і выраджэнне людзей) і А. Казлова (аповесць «Юргон» пра міфалагізацыю імпатэнцыі). Асобна варта адзначыць творы Алены Брава: ад апісання першага аргазму ў аповесці «Каменданцкі час для ластавак» да грубай знішчальнай фізіялогіі ў аповесці «Менада і яе сатыры» (у часопіса, які надрукаваў аповесць, потым былі праблемы)».

Адам Глобус

5. Андрэй Федарэнка. Аповесці «Гісторыя хваробы», «Рэвізія»

«Упершыню за паўгода нашага знаёмства захацеў астацца ў яе начаваць, і не на вольным ложку, а з ёю. Яе гэта здзівіла і спалохала. Я сказаў (навошта!): ведаю, што ты спала з Сяргеем — ён сам на другі ж дзень расказаў мне. Тады яна раптам заплакала — горка-горка, і плакала доўга, а я ўсё чакаў. 'Дык што, вам хочацца спаць, а на мне свет клінам сышоўся?' — спытала яна праз слёзы.

А я таксама быў страшна здзіўлены, бо, па логіцы, са мною, якога яна паважала больш, як Сяргея, яна павінна была легчы ў ложак з яшчэ большаю ахвотаю. Але ж не скажаш гэтага ўслых! Я пакрыўдзіўся і пайшоў, а пасля шкадаваў і сябе, і яе. Ды што пасля — ніколі не забуду, як горка яна плакала».

Аксана Бязлепкіна: «Сэкс у творах Федарэнкі — гэта сэкс вачыма слабога хлопца: іншым даюць, а яму — не. І ў героя фарміруецца жыццёвая 'філасофія' ў гендарнай сферы: жанчына мусіць быць альбо ні з кім, альбо з кожным, хто яе захоча. Так бы мовіць, свабода, роўнасць і братэрства ў сэксе, бо адмова ці ігнараванне балюча раняць героя».

Дзе яшчэ шукаць праяўленні кахання

Аксана Бязлепкіна: «Сваю слабасць прызнаюць і героі Альгерда Бахарэвіча. Напрыклад, у аповесці 'Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты', але ў прынцыпе можна браць амаль любую мастацкую кнігу гэтага пісьменніка: рабіць інтымныя сцэны ён умее. Памятаю, як знаёмы хлопец абураўся таму, што герой развітваецца з гераіняй і сыходзіць з яе водарам на пальцах, маўляў, чаму рукі не памыў? А таму што ў гэтай сцэне паказваецца не проста закаханасць, а закаханасць, якая мяжуе з залежнасцю».

Не забываемся і на паэзію. У Аксаны і на гэты конт знайшліся парады: «Ёсць сэкс і ў сучаснай паэзіі, падрабязней пра беларускую інтымную лірыку можна прачытаць у кнізе літаратуразнаўцы Алы Брадзіхінай '90 – 60 – 90: Сучасны літаратурны працэс: на шляху да ідэалу' (2014). Прынамсі, кажуць, адзін паэт, прачытаўшы артыкул гэтай даследчыцы пра сябе і зразумеўшы, наколькі ён 'распранаецца' ў вершах і наколькі гэта заўважна, вырашыў пісаць прозу не пра каханне».

У выніку Аксана ўсё ж такі папярэджвае: «Баюся, каб чытачы не звялі творы ўсіх пералічаных пісьменнікаў да вузкай тэмы сэксу. Насамрэч іх творы зусім не пра Гэта».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

За какую сумму белорусские студенты готовы сняться в порно

Секс • Ирина Михно

Число уволенных в 2015 году белорусов превысило число принятых на работу на 81,3 тысячи человек, а молодежи все сложнее устроиться на работу. Пока прирост числа безработных не обогнал прошлогодние цифры в три раза, разбираемся, как выжить в кризис молодым и перспективным. Белорусские студенты рассказали KYKY, за сколько они не прочь сняться в порно.